КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,

баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)